ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
агульная назва галін і раздзелаў псіхалогіі, у якіх выкарыстоўваецца метад эксперыменту. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. пры вывучэнні ў фізіял. лабараторыях элементарных псіхічных з’яў (адчуванняў, успрыманняў, часу рэакцыі) і грунтавалася на тэарэт. прынцыпах эмпірычнай псіхалогіі. Напр., Э.Г.Вебер у 1830-я г. эксперыментальна даследаваў парогі адчуванняў. Сістэматычныя эксперыментальна-псіхал. даследаванні пачаты ў Лейпцыгскай лабараторыі В.Вунта (1879). У Расіі першая эксперыментальна-псіхал. лабараторыя засн. ў Казані В.У.Бехцеравым (1885), з 1880 эксперыментальную работу ў Адэсе вёў М.М.Ланге. У 1880-я г. эксперыментальна-псіхал. лабараторыі існавалі ў Францыі, ЗША, Вялікабрытаніі і інш.
Першапачаткова гал. аб’ектам Э.п. былі ўнутр. псіхічныя працэсы нармальнага дарослага чалавека, якія аналізавалі з дапамогай спец. арганізаванага саманазірання (інтраспекцыі). Пазней эксперыменты сталі праводзіць над жывёламі (К.Лойд Морган, Э.Л.Торндайк), даследаваць псіхічна хворых, дзяцей, індывід. варыяцыі пачуццёвасці, часу рэакцыі, памяці, асацыяцый (Ф.Гальтан, Дж.Кетэл). У рэчышчы Э.п. ўзнікла дыферэнцыяльная псіхалогія, прадмет якой — індывід. адрозненні паміж людзьмі і іх групамі. У наш час разам з удасканаленнем уласна псіхал. метадаў (лабараторнага, натуральнага эксперыментаў, назірання і інш.) Э.п. выкарыстоўвае метады сумежных з ёй навук — нейрафізіялогіі, біялогіі, сацыялогіі і інш.
т. 18, кн. 1, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)